Дзень снегу

08.02.2021

Дзень снегу прайшоў у мінулую суботу ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў райцэнтры.

         Пасля невялікай афіцыйнай часткі, знаёмства з раскладам правядзення баталій і прадстаўлення ўдзельнікаў (не пабаяліся марозу 6 каманд з 8 устаноў і арганізацый раёна), усе разышліся па пляцоўках. І самай ажыўленай напачатку мерапрыемства стала лыжная траса, дзе праходзілі спаборніцтвы па біятлоне. “З лыжамі сябрую даўно – кожныя выхадныя, калі дазваляе надвор’е, стараюся пакатацца, – падзялілася з намі І.Ціханава з аб’яднанай каманды РАНС і ТЦСАН. – Са стральбой таксама праблем узнікнуць не павінна – на спаборніцтвах па гэтым відзе, бывае, займаю прызавыя месцы. Для 100-працэнтнага ж выніку напярэдадні наведала “Юнацтва-Ушачы”, пазнаёмілася з трасай”. Зрэшты, такі падыход Ірыны і яе калегі па камандзе Эдуарда Лабэцкага дазволіў паказаць “бронзавы” вынік.

         Тым часам звонкі смех ліўся з пляцоўкі жартоўнай эстафеты, дзе дынамічныя конкурсы прапанаваў удзельнікам райкам БРСМ. Прабегчы на імправізаваных лыжах, “перавесці” на мятле каманду, праскакаць у мяшку хутчэй за іншых атрымалася ў прадстаўнікоў Ушацкай школы, зборнай ТЦСАН і РАНС, райвыканкама.

         Добрай традыцыяй свята стаў конкурс “Снежныя фантазіі”. Сёлета творчая экспазіцыя разгарнулася акурат перад будынкам спарткомплексу, што значна яго ўпрыгожыла. Перад абаяннем сімвала 2021 года – бычка, створанага зборнай ТЦСАН і РАНС, нельга было ўстаяць – менавіта гэтай рабоце дасталіся лаўры пераможцы.

         Падсумаваўшы набраныя ва ўсіх відах балы, арганізатары вызначылі трыумфатараў Дня снегу. Сёлета імі сталі Ушацкая школа, зборная РАНС і ТЦСАН (у іх, дарэчы, пры аднолькавай суме балаў вырашальнай стала колькасць заваяваных першых месцаў), а таксама райвыканкам.

поделиться в:
Меню раздела
Опросы
Как Вы оцениваете доступную среду в Ушачском районе?