І Ў СПОРЦЕ РАЗАМ!
15.05.2021Міжнародны дзень сям’і наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН сустрэлі… у спартыўнай зале. Весела, з азартам, у кампаніі блізкіх і сяброў, на базе “Юнацтва-Ушачы” яны прымалі ўдзел у квест-гульні, падчас якой адгадвалі загадкі, адказвалі на пытанні віктарыны па тэме здаровага ладу жыцця, дэманстравалі спрыт у розных фізпрактыкаваннях: кідалі мяч у кальцо, збівалі кеглі.
– Гледзячы на такіх актыўных, пазітыўных людзей, яшчэ раз пераконваешся, што толькі ад нас саміх залежыць, як мы пражывём сваё жыццё: адасобіўшыся ў чатырох сценах ці ярка, паўнацэнна, – кажа загадчык аддзялення Н.М.Глінская. – А калі побач надзейны тыл, гатовы дапамагчы, падтрымаць, з любымі цяжкасцямі справіцца не праблема.
У канцы мерапрыемства ўсіх удзельнікаў чакаў салодкі стол, а таксама адмысловыя сертыфікаты – на памяць аб гэтым добрым і актыўным свяце.