Не прытулак –другі дом!

09.07.2021

Ля варотаў аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН у Вяркудах сустракае адзін з пастаяльцаў: “Калі ласка, праходзьце. Ведаю, што Вас Алена Леанідаўна чакае”. “На лавачках у цяньку зараз не надта спякотна”, – клапатліва раяць месца для інтэрв’ю жанчыны, што выйшлі ў двор прахалодзіцца. З загадчыцай установы яго і займаем. Прыкмеціўшы нас, адкладае ўбок мотакасу адзін з работнікаў – каб не турбаваць “гукамі” інструмента, часова бярэцца за іншую справу. Дзяўчаты ж (менавіта так называе сваіх калег-жанчын А.Л.Ігнатовіч), занятыя непадалёк перасадкай кветак, падказваюць найбольш удалыя месцы для фотасесіі. Пазней яны ж стануць галоўнымі “ацэншчыкамі” здымкаў: “Трэба выбраць найбольш удалы, каб наша Алена Леанідаўна ў газеце была самай прыгожай – як у жыцці!”. Напэўна, лепшай характарыстыкі таго, якая атмасфера пануе ў аддзяленні, з якой павагай і сімпатыяй адносяцца работнікі, пастаяльцы да кіраўніка, і не прыдумаеш!

У адказе за сябе, калектыў, падапечных…

Нарадзілася і вырасла А.Л.Ігнатовіч у Вяркудах. Хоць і мела цягу да лічбаў, марыла стаць бухгалтарам ці эканамістам, пасля заканчэння Гарбаціцкай школы пачала працоўную дзейнасць усё ж у педагогіцы – была піянерважатай. Калі ж выйшла замуж, пераехала ў вёску Цётча і “схадзіла” ў два дэкрэтныя – за сынам і дачушкай, як манну нябесную прыняла прапанову стаць касірам у аддзяленні ААТ “ААБ Беларусбанк”, што было ў той час у Вяркудах. Вось толькі не доўга радавалася. Чуткі пра хуткае закрыццё ўстановы прымусілі Алену Леанідаўну зноў падумаць пра змену працоўнага месца. Так яна аказалася ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН – на працягу года выконвала абавязкі сацработніка, столькі ж – загадчыка гаспадаркі, а ў 2012-м узначаліла калектыў.

Ніколі не імкнулася да кіруючай пасады, – прызнаецца жанчына. – Гэта ж такая адказнасць! Прычым у маім выпадку нават трайная: за сябе, калег і падапечных. Але ж аказаны мне давер успрыняла з удзячнасцю – як таго патрабуе пасадная інструкцыя, атрымала вышэйшую адукацыю (завочна скончыла Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчовых вытворчасцей па спецыяльнасці эканаміст) і з галавой акунулася ў справы аддзялення, прычым, не толькі “начальніцкія”. Прыгатаваць для амаль 30 персон абед, змерыць некаму ціск, паліць агарод ці, скажам, прынесці з адрыны мех бульбы – для мяне не праблема!

Да вялікіх нагрузак А.Л.Ігнатовіч прывычная. Пасля заканчэння рабочага дня імчыць дамоў у Цётча, дзе чакаюць муж і пажылая свякроўка, дзе трэба па гаспадарцы справіцца (у хляве – карова, парсючкі, куры), парадак на немалым агародзе навесці. У той час як многія з нас у чаканні водпуску мараць пра марскія пляжы ці хаця б утульную канапу і тэлевізар, Алена Леанідаўна скрупулёзна распрацоўвае план будучага рамонту ў доме…

Заўсёды на сувязі

Плануючы сваю паездку ў Вяркуды, хваляванняў накшталт “ці зможам звязацца з жанчынай, перыяд адпускоў як-ніяк” не ўзнікала. Чаму? Дакладна ведаем: у любых абставінах яна на сувязі – на выпадак, калі некаму спатрэбіцца яе дапамога, парада, калі штосьці экстранае здарыцца ў аддзяленні. Нават спаць кладзецца з мабільным тэлефонам. І той, бывае, не маўчыць. Так, нядаўна ў аднаго з пастаяльцаў ноччу рэзка пагоршылася самаадчуванне – у чаканні “хуткай дапамогі” мужчына слёзна прасіў сустрэчы з Аленай Леанідаўнай, якую любіў, якой давяраў. І яна, канечне, не змагла адмовіць – схапіла ключы ад аўтамабіля і паімчала ў Вяркуды.

– Часам і на начоўку тут заставацца даводзіцца, – кажа яна. – Родныя да гэтага прывыклі, асабліва не крыўдзяцца. Для мяне ж гэта без перабольшвання другі дом, дзе калегі і падапечныя – таксама блізкія людзі.

На сённяшні дзень у аддзяленні, разлічаным на 30 месцаў, пражывае 22 чалавекі. Зімой іх колькасць традыцыйна павялічваецца. Узрост розны (ад 38 да 96 гадоў), як і розныя “балячкі” і жыццёвыя лёсы. Да кожнага з іх дружны калектыў з 14 спецыялістаў без праблем знаходзіць падыход, атуляе ўвагай і клопатам. Непасрэдна А.Л.Ігнатовіч укараняе тут новыя формы работы, у тым ліку па прафілактыцы дэменцыі, праводзіць мадэрнізацыю будынка і яго памяшканняў, дбае пра іх абсталяванне элементамі безбар’ернага асяроддзя. Каб крыху “расфарбаваць” будні пастаяльцаў, ва ўсіх пакоях устанавілі радыёкропкі. У летні перыяд на аконныя форткі прымацавана адмысловая сетка – каб са свежым паветрам не напускаць камароў ды мух.

Выпрабаванне эпідэміяй

Сур’ёзны экзамен вытрымала аддзяленне ў перыяд эпідэміі каранавіруса. З 23 красавіка 2020-га яго тэрыторыя аказалася ў статусе закрытых, наведванні і перадачы былі забаронены, работнікі ж працавалі вахтавым метадам: па два тыдні жылі ва ўстанове, беручы на сябе і нехарактэрныя для сваёй пасады функцыі. Наколькі гэта рэальна, Алена Леанідаўна спачатку выпрабоўвала на сабе – яна прынцыпова запісалася ў першую “змену”. Актыўна дбала жанчына і пра рэалізацыю іншых каранцінных мерапрыемстваў – дазволіць рызыкнуць здароўем пажылых і інвалідаў проста не магла! Такі падыход, дарэчы, не застаўся незаўважаным. За работу ва ўмовах распаўсюджання COVID-19 А.Л.Ігнатовіч аказалася ў ліку лепшых прадстаўнікоў сацыяльнай абароны Віцебшчыны і мінулым летам была ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства.

Зараз аддзяленне працуе у звычайным рэжыме (толькі тэрыторыя закрыта), аднак прафілактыка тут па-ранейшаму вышэй за ўсё! Менавіта таму са з’яўленнем магчымасці прышчапіцца ад каранавіруса як работнікі, так і пастаяльцы паспяшаліся гэта зрабіць. Калі не браць у разлік некалькі фактаў наяўнасці супрацьпаказанняў, ахоп вакцынацыі склаў тут 100 працэнтаў. Радуе загадчыцу і тое, што ўсе перанеслі прышчэпку добра – толькі ў адной жанчыны на дзень павысілася тэмпература да 37,1.

Не прытулак –другі дом!

Аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых грамадзян і інвалідаў ТЦСАН Ушацкага раёна многія называюць проста прытулкам. Аднак гэтае слова з пэўным негатыўным адценнем усё ж не самае падыходзячае. Гэта – другі дом. Акуратны будынак, дагледжаная тэрыторыя з утульнымі альтанкамі і багатымі кветнікамі, агародзік з цяпліцамі – каб на стале было ўсё свежанькае, ну і канечне, выдатны калектыў, які і належны догляд забяспечыць, і цеплынёй свайго сэрца падзеліцца…

Канечне, ніхто не марыць пра жыццё па-за сценамі ўласнага дома, аднак трапіўшы сюды, людзі ўсё ж па-іншаму ўспрымаюць жыццёвыя абставіны. А дапамае ім у гэтым А.Л.Ігнатовіч, прозвішча якой па выніках работы за 2020 год занесена на раённую Дошку гонару.

Меню раздела
Опросы
Как Вы оцениваете доступную среду в Ушачском районе?